У Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрылася выстаўка, прысвечаная свяціцелю Георгію Каніскаму

06 жніўня 2025

Af_Hieorhij_Kaniski.jpg

6 жніўня 2025 года ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрылася кніжная выстаўка, прымеркаваная да 32-й гадавіны праслаўлення ў ліку святых свяціцеля Георгія Каніскага і 230-годдзя з дня яго скону.

На выставе прадстаўлены прыжыццёвыя выданні прац праасвяшчэннага Георгія, у ліку якіх «Пра абавязкі прасвітараў прыходскіх...» (1789), «Гістарычны агляд епархіі Магілёўскай, якая ў Белай Расіі знаходзіцца, і епархій, якія пад Польшчай былі» (1775), а таксама перавыданні прац архіепіскапа і шматлікія публікацыі XIX ст., прысвечаныя яго жыццёваму і творчаму шляху. Кнігі з асабістай бібліятэкі архіепіскапа Георгія Каніскага адлюстроўваюць яго шматлікія інтарэсы і сведчаць аб адукаванасці і эрудыцыі свяціцеля.

Сярод экспануемых кніг прадстаўлены выданні еўрапейскіх аўтараў XVI-XVIII стст. па гісторыі, геаграфіі, філалогіі, педагогіцы, філасофіі, багаслоўю, а таксама даведачная літаратура. Прадстаўленыя асобнікі ўтрымліваюць уласнаручныя запісы свяціцеля Георгія Каніскага, зробленыя пераважна на лаціне. Гэта не толькі пазнакі аб прыналежнасці кнігі да яго асабістага збору, але і шматлікія каментарыі на палях да тэксту выдання ці мудрыя выслоўі.

Выстава будзе працаваць у Музеі кнігі да 30 верасня 2025 года.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі Church.by

Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber

сацсетках InstagramВКонтакте

Facebook і Одноклассники,

глядзіце ў YouTube і TikTok