У Мінску адбылася прэзентацыя кнігі «Воіны духу» пра подзвіг святароў у гады Вялікай Айчыннай вайны
07 мая 20257 мая 2025 года ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў горадзе Мінску адбылася прэзентацыя кнігі «Воіны духу» аб служэнні і подзвігу святароў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Выдавецкі праект падрыхтаваны Беларускай Праваслаўнай Царквой і Беларускім тэлеграфным агенцтвам.
Кніга распавядае пра 12 гісторый святароў і манахаў, якія абаранялі Радзіму ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а пасля яе — адраджалі краіну, будавалі храмы і ўмацоўвалі веру людзей у Бога.
Генеральны дырэктар Беларускага тэлеграфнага агенцтва Ірына Акуловіч падзялілася гісторыяй стварэння кнігі, якая стала працягам аднайменнага цыкла газетных артыкулаў, якія публікаваліся ў газеце «7 дзён». Ідэю расказаць пра подзвіг святароў у гады вайны падтрымаў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
Таксама Ірына Акуловіч адзначыла, што на ўключаных у выданне 12 гісторыях нельга спыняцца. Журналістам трэба будзе яшчэ вельмі шмат працы. На папаўненне дадзеных пойдзе яшчэ не адно дзесяцігоддзе. «Таму што — не хопіць! Напэўна будуць яшчэ дзясяткі кніг і дзясяткі сюжэтаў на тэлеканалах — беларускіх і не толькі — пра герояў, кожны з якіх на сваім месцы набліжаў Вялікую Перамогу. Гэтыя людзі аддавалі свае сем'і ў закладнікі, каб выратаваць іншых, здабывалі найкаштоўнейшыя звесткі аб дыслакацыі нямецкіх войскаў, ратавалі яўрэйскіх дзяцей, выводзілі людзей з лагераў. Яны абвяшчалі цэрквы «тыфознымі лякарнямі», абы немцы не заходзілі», — падкрэсліла яна.
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін падкрэсліў значнасць выдання «Воіны духу» для сучаснага чалавека, якое адкрые духоўны складнік Вялікай Перамогі. Моцны дух воінаў-абаронцаў Айчыны, тых, хто знаходзіўся ў падполлі, у партызанскім руху, на акупаванай тэрыторыі, умацоўваў веру ў перамогу.
«Нашы святары дапамагалі параненым воінам, партызанам, хавалі іх у сябе, перадавалі ім важную, каштоўную інфармацыю, клапаціліся аб тым, каб не сумаваў народ, верыў у перамогу, настройвалі людзей на вернасць Айчыне, каб у самых складаных абставінах не ўхіліліся ад правільнага шляху. Многія прыклады, якія ўтрымліваюцца ў гэтай кнізе, важныя для сучаснага чалавека, калі свет прапануе шмат спакус. Важна выстаяць, пераймаючы прыклад папярэдніх пакаленняў. У мірны час мы, кожны на сваім месцы, пакліканы быць «воінамі духу», служыць Богу і людзям верай і праўдай».
Патрыяршы Экзарх адзначыў, што праца над кнігай будзе прадоўжана — адкрываюцца новыя факты, імёны, лічбы, пра якія неабходна расказаць.
«Амаль 40 святароў былі ўзнагароджаны медалямі «За абарону Ленінграда» і «За абарону Масквы», больш за 50 — «За доблесную працу падчас вайны», некалькі дзясяткаў — медалём «Партызану Вялікай Айчыннай вайны». А колькіх яшчэ ўзнагароды абыходзілі бокам?».
На прэзентацыі таксама прысутнічалі родныя і блізкія герояў, чые гісторыі апісаны ў кнізе. Так, унучка протаіерэя Яўгена Парфенюка Лізавета Міранчук распавяла, як дзядуля 7 гадоў будаваў Свята-Васкрасенскі сабор у горадзе Брэсце, прысвечаны перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне, які быў узведзены ў 1998 годзе.
«Будаўніцтва храма дзядуля пачаў, калі яму споўнілася 71. Ён вельмі загарэўся гэтай ідэяй. Узвесці уупалы дапамог прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, бо будаўніцтва толькі на ахвяраванні прыхаджан было вельмі складанай задачай. Дзядуля асабіста падтрымліваў з ім сувязь. Калі адбылося асвячэнне, кіраўнік дзяржавы прысутнічаў на ім. Падчас вайны дзед жыў з сям'ёй у Астрамечава — гэта Брэсцкая вобласць. Яго брат пайшоў у партызаны. Трэцяга лістапада 1942 года ён ненадоўга вярнуўся дадому, сказаў, што яму трэба пераначаваць, а раніцай сыдзе. Але 4 лістапада немцы ўварваліся ў дом, выцягнулі яго на вуліцу і расстралялі. Дзядуля таксама страціў сястру Ліду — яна памерла падчас родаў, таму што ёй не змаглі своечасова аказаць медыцынскую дапамогу. Сімвалічна, што ніжні храм пабудаванага сабора асвечаны ў гонар Казанскай іконы Божай Маці, а яго храмавае свята — 4 лістапада».
Протаіерэй Генадзь Логін быў блізка знаёмы са схіархімандрытам Мітрафанам (Ільіным). У юнацтве ён быў яго кялейнікам, дапамагаў па гаспадарцы.
«Для мяне гэтая кніга асабліва дарагая тым, што ў ёй апісаныя жыццё і служэнне чалавека, з якім я быў цесна звязаны ў Жыровіцкай абіцелі. Гэты старац сёння вядомы ў праваслаўным свеце, але да 1985 года ніхто не ведаў пра яго баявыя подзвігі: пра тое, што ён быў кіраўніком дыверсійнай групы, што яго ўзнагародзілі баявымі ордэнамі. Ён хаваў гэта ўсё жыццё. Толькі дзякуючы намаганням уладыкі Філарэта, які на 40-гадовы юбілей Перамогі пачаў запрашаць у Мінск святароў-ветэранаў, у архівах знайшлі звесткі: айцец Мітрафан пусціў пад адхон 12 варожых эшалонаў».
Героямі праекта сталі настаяцель Свята-Георгіеўскага храма ў Нясвіжы протаіерэй Дзмітрый Хмель, настаяцель храма Іаана Прадцечы вёскі Садовая Клецкага раёна іерэй Мікалай Хільтаў, схіархімандрыт Жыровіцкага манастыра Мітрафан (Ільін), протаіерэй Мікалай Усціновіч, настаяцель Петрапаўлаўскай царквы ў Ружанах протаіерэй Іаан Наўродскі, настаяцель Латыгальскай Свята-Мікольскай царквы протаіерэй Віктар Бекарэвіч, настаяцель Забрэжскай Благавешчанскай царквы протаіерэй Яўстафій Баслык, настаяцель Ракавіцкага храма Прасвятой Багародзіцы протаіерэй Аляксандр Гагалушка, протапрэсвітар Віталь Баравой, протаіерэй Яўген Парфянюк, настаяцель Азяцкай Свята-Мікалаеўскай царквы протаіерэй Іаан Петручук. Завяршае цыкл «Воіны духу» апавяданне пра мітрапаліта Філарэта, першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Героя Беларусі. Ён сустрэў пачатак Вялікай Айчыннай ва ўзросце шасці гадоў, аднак у поўнай меры разам з астатнімі героямі можа быць названы воінам духу за тыя цяжкасці, якія ён панёс па адраджэнні духоўнага жыцця на Беларускай зямлі.
Наклад кнігі 1 500 асобнікаў. Выданні паступілі ў Мінскую епархію, адкуль іх размяркуюць па храмах краіны.
belta.by / minsknews.by / Church.by
Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber,